Рубрики
Ресурсы
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
Сайт Президента Республики Беларусь
Национальный правовой портал
"ДНЕПРОВСКАЯ НЕДЕЛЯ"

10.05.2018

Сустрэча з мастаком

<p>10.05.2018</p>
<p>Сустрэча з мастаком<br>Магілёў багаты на таленты. Знаёмства з кожным таленавітым чалавекам — гэта радасць адкрыцця. Такім адкрыццём для будучых журналістаў клуба «Святліца» стала сустрэча з мастаком Аляксандрам Суворавым у яго майстэрні.
Аляксандр Браніслававіч Сувораў нарадзіўся ў Магілёве ў 1957 годзе, скончыў сярэднюю школу № 3,  Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Накірункі яго дзейнасці — станковы жывапіс, графіка, манументальнае мастацтва. З 1995 года Аляксандр Сувораў у складзе Беларускага саюза мастакоў. Яго творчы шлях пачынаецца з 1980 года. Зроблена многа, але ўлік сваіх работ і дасягненняў мастак не вядзе (былі персанальныя выставы, удзельнічаў у шматлікіх агульных праектах). Творы захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Шклоўскім краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях краін Еўропы і Амерыкі.
…Па-вясноваму сонечны выдаўся дзень, светла і ўтульна ў майстэрні Аляксандра Суворава.  Знаёмства  з мастаком адбылося натуральным за кубачкам гарбаты і кавы ў атачэнні карцін «Вежа», «Піраміда», «Вайдэлот», «Сіні вецер», «Выкраданне Еўропы», «Іерархія», «Магілёўскі дворык», «Начны дазор», «Медытацыя» і іншых.
Энергетыка ў майстэрні станоўчая, яна спрыяла шчырай размове аб вечным — аб мастацтве. Першае, што звяртае на сябе ўвагу пры знаёмстве з карцінамі Аляксандра Суворава, — гэта падмурак, на якім грунтуюцца сюжэты. А падмуркам служыць міфалогія — славянская, грэчаская і не толькі. На міфалогіі мацуецца яго своеасаблівае бачанне свету і быцця, часу і прасторы. Мастак падкрэслівае медытатыўны бок жыцця, таму перавагу аддае спакойным, задуменным момантам.
У творах Аляксандра Суворава прысутнічаюць сімвалічныя элементы з алегарычнымі ўкрапінамі. Найбольш частыя вобразы, якімі ён карыстаецца, — марская ракавіна, музычныя інструменты, птушкі.
Цяга да музычных інструментаў (дудка, беларуская дуда, бубен, скрыпка)  ў мастака невыпадковая. Аляксандр Браніслававіч захапляецца этнічнай музыкай, яго любімы этнагурт «Троіца», лідэрам якога з’яўляецца збіральнік фальклору Іван Кірчук. Мастак разумее, што фальклор — гэта невычэрпная крыніца для творчасці. Многія яго карціны маюць музычныя назвы: «Накцюрн», «Сола для скрыпкі»… Дарэчы, Аляксандр Сувораў пачынаў свой творчы шлях у якасці рок-музыканта. І стаяў перад выбарам: музыка ці выяўленчае мастацтва.
Нельга абысці ўвагаю творы, звязаныя з роднымі мясцінамі. Аляксандр Сувораў нарадзіўся і жыве ў Магілёве, ён мастак сваёй краіны.  Яшчэ Францыск Скарына ў кнізе «Иудифь» прамаўляў: «…люди, игде зродилися и ускормлены суть па бозе, к тому месту великую ласку имають». На рахунку Аляксандра Браніслававіча — графічная серыя, прысвечаная Магілёву, карціны «Двор», «Магілёўскі дворык», а таксама манументальныя працы, якія ёсць у музычным ліцэі на вуліцы Ленінскай (дом зараз рэстаўрыруюць), у мемарыяльным комплексе Буйніцкага поля (ім распісана капліца). Прысутныя мелі магчымасць паглядзець эскізы капліцы.
Карціна «Доўгая дарога дадому» вымагае роздуму. Не сядзіцца чалавеку на адным месцы. Блукае ён па свеце — шукае лепшай долі; не адчувае сваіх каранёў, этнічнай прыналежнасці. Праходзіць час, і ён усведамляе сябе, вяртаецца дадому.
Карціны Аляксандра Суворава ўводзяць гледача ў стан унутранай засяроджанасці, сузірання, пры якім дасягаецца катарсіс. Глядач міжволі скіроўвае думкі ў гістарычнае і міфапаэтычнае мінулае, задумваецца над культурнымі каштоўнасцямі свайго народа, краіны.
Тамара АЎСЯНІКАВА.